Месца сустрэчы змяніць нельга. У Танявічах прайшло гасціннае свята вёскі

Дзень вёскі – гэта не проста падзея, гэта даўняя выдатная традыцыя, якая аб’ядноўвае не толькі аднавяскоўцаў, але і сяброў, дзяцей, што пакінулі родны куток і зараз знайшлі магчымасць прыехаць на свята, піша “Дзянніца”.

 

Ці ведаеце вы, колькі ўжо гадоў вёсцы Танявічы? Аказваецца, сёлета ёй спаўняецца 466 год. Было вельмі цікава паслухаць аповед пра саму вёску і яе жыхароў. Упершыню ўзгадваецца назва вёскі Занявіша (што значыць “за ракой Нявіша”) у 1558 годзе. Тады, у складзе Гродзенскай эканоміі Вялікага княства Літоўскага, вёска налічвала 17 сямей. А вось ужо з 1748 года у пісьмовых крыніцах узгадваецца сучасная назва вёскі – Танявічы. Напачатку XX стагоддзя ў Танявічах жылі 140 жыхароў, зараз – каля 30.

 

    

 

Святочны дзень пачаўся малітвай у мясцовай каплічцы за ўсіх жыхароў вёскі.

 

Пасля на імправізаванай пляцоўцы разгарнулася святочная вечарына, якая сабрала каля ста ўдзельнікаў. Сустрэча аб’яднала суседзяў, сваякоў, былых аднакласнікаў з розных гарадоў і мястэчак нашай Беларусі. Былі і тыя, хто прыехаў пабачыць сваіх родных нават з Масквы. Людзі гутарылі, жартавалі, успаміналі былое, даведваліся, хто дзе зараз жыве і працуе.

 

  

 

Наведала родную вёсачку і беларуская пісьменніца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Ганна Скаржынская-Савіцкая:

 

– Зразумела, што вёска ўжо не тая. Але людзі ў ёй жывуць ўсё такія ж добразычлівыя, вясёлыя. Сёння мне прыемна для іх прачытаць мае казкі  і вершы. Столькі разоў ужо выступала на сцэне, а тут, перад аднавяскоўцамі, выступаць і ганарова, і хвалююча адначасова.

 

 

Да святкавання далучылася старшыня Астрынскага сельвыканкама Наталля Лебядзевіч, якая падзякавала за адданасць роднай зямлі і ўручыла падарункі старасце вёскі і ветэранам працы Марыі Чарняк, Яніне Валошка, Соф’і Санько, Ганаефе Чарняк. Асабліва віншавалі арганізатара свята – Адамовіч Тарэсу Станіславаўну.

 

 

  

 

Не прамінулі ўспомніць добрым словам мясцовых працаўнікоў, якія ўсё жыццё прысвяцілі сельскай гаспадарцы. Так, галоўным спецыялістам па ідэалагічнай рабоце Алай Якімовіч і старшынёй прафсаюзнай арганізацыі ААТ “АграГЖС” Інай Мулярчык былі адзначаны  памятнымі сувенірамі 15 мясцовых жыхароў, ветэранаў працы.

 

  

 

Вяскоўцаў радавалі сваёй творчасцю мясцовыя фальклорныя калектывы “Куляшоўскія сяброўкі”, “Matczyna piosenka”, самадзейныя артысты Першамайскага і Навадворскага сельскіх Дамоў культуры. Душэўныя песні стваралі цудоўны святочны настрой. Апладысментамі віталі самых сталых жыхароў вёскі: Марыю Язэпчык, Марыю Ляпеша, Станіславу Будзіловіч і Таццяну Корзун.

 

   

 

 

– На свята я прыехала разам са сваімі дзецьмі і ўнукамі, – кажа Леакадзія Маркевіч. – Нягледзячы на тое, што жывём у Гродне, стараемся часта бываць тут. У Танявічах мы даглядаем бацькоўскі дом. Таксама стараюся знайсці час, каб прыняць удзел у выступленнях фальклорнага калектыву “Matczyna piosenka”. А дзеці і ўнукі любяць паласавацца тут сакавітымі яблыкамі і малінамі, якія намнога смачнейшыя за магазінныя.

 

    

 

 

Добра было на свяце: і спявалі, і танцавалі, і жартавалі, і ўспаміналі добрых людзей, якія пакінулі светлы след на сваёй радзіме. Дарэчы, апошні раз такое мерапрыемства ладзілі ажно дзесяць гадоў назад. Таму і пасля завяршальнай песні і слоў развітання вяскоўцы не спяшаліся разыходзіцца. І ўсе, як адзін, жадалі здароўя, шчасця і каб такая вясёлая, шумная, шчырая сустрэча была не ў апошні раз. Будзем чакаць наступнага запрашэння.

 

 

Вікторыя ШЫЛКО.

Фота аўтара.

dzyannica.by